ЗВЕРАБО́ЙНЫ ПРО́МЫСЕЛ,
здабыча марскіх звяроў (цюленяў, нерпы, марскога коціка і інш.). Прадукцыя — футравая і гарбарная сыравіна, мяса (на корм пушным звярам), цюленевы тлушч, унутраныя органы (печань, эндакрынныя залозы і інш.) для вытворчасці вітамінаў і некаторых фармакалагічных прэпаратаў. Промысел цюленяў вядуць Расія ў Белым, Грэнландскім, Ахоцкім, Берынгавым і Каспійскім м., Нарвегія — у раёне Ньюфаўндленда і Грэнландскім м., Канада — у раёне Ньюфаўндленда, Данія — у раёне Грэнландыі. Промысел марскога коціка ЗША вядзе на лежбішчах в-ва Прыбылова, Расія — на а-вах Камандорскіх, Цюленевых, Сахалін. Кітабойны промысел з 1989 забаронены Міжнар. кітабойнай камісіяй.
т. 7, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)